Босы вайны
Дзе вы, босы вайны,
Вы, вытворцы гармат,
Лятакоў-хіжакоў,
Звышсучасных гранат?
Вас схаваў мур папер,
Чэкаў, вэксэляў стос,
Толькі, маскам на злосьць,
Я вас бачу наскрозь.
Будаваць, каб бурыць –
Ваш закон спракавет.
Толькі цацка для вас
Мне падораны сьвет.
Мне ў руку ўкладзяцё
Кулямёт – і “пакуль”,
І пабеглі кудысь,
Дзе ня чуеце куль.
Як той Юда калісь,
Што Хрыста падмануў,
Крычыцё: “Супраць нас
Сьвет прайграе вайну!”
Ды хлусьлівым вачам
Рады вы не дасьцё:
Там – дажджу каламуць,
Што цячэ ў вадасьцёк.
Вам гашэтак сваіх,
Праўда, не націскаць –
Сьмерць выходзіць за вас
Пакасіць сенажаць.
Вы з дамоў – ні на крок,
Калі кроў юнакоў
Недзе ўсмоктвае ўсьцяж
Брудам сьцелены роў.
Вы засеялі жах,
І наступствы жняце:
Людзі болей на сьвет
Не прыводзяць дзяцей!
Асудзілі вы тых,
Хто яшчэ і ня жыў:
Як атрутная кроў
Вам ня выцячэ з жыл?
Хто я ўласна такі,
Каб браць слова вось так?
Я для вас – абы-хто,
Непісьменны юнак.
Так, мне меней, чым вам,
Але ясна і мне:
Нават Збаўца такіх
Ад Сябе адштурхне.